БЕЛАСТО́ЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў 1808 у складзе Беластоцкай вобласці, з 1842 у Гродзенскай губерні. Цэнтр — г. Беласток. Пл. 2904 км², нас. 210 132 чал. (1897). Падзяляўся на 12 валасцей. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 акупіраваны герм. войскамі, з канца 1918 у складзе адноўленай Польшчы, з 2.8.1919 у Беластоцкім ваяводстве, падзяляўся на гміны (б. воласці). 231,5 тыс. ж. (1919). З 2.11.1939 у БССР, з 4.12.1939 увайшоў у Беластоцкую вобл., дзе 15.1.1940 паветы скасаваны і праведзена раянаванне, у т. л. створаны Беластоцкі р-н. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Беластоцкага павета перайшла да Польшчы.
т. 3, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)